Св. Дамінік Савіо

СВЯТЫ ДАМІНІК САВІО

(DOMENICO SAVIO)

1842 - 1857

Успамін 6 мая

Дамінік Савіо нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Бацька Дамініка быў чалавекам пабожным і прадпрымальным. Так, асвоіўшы рамяство каваля, ён змог пракарміць сям’ю.

Дамінік ужо ў пяць гадоў прыслугоўваў як міністрант падчас св. Імшы, а з сямі гадоў пачаў прымаць св. Камунію, хоць у тых краях гэта было незвычайным, бо  да Першай Камуніі дзеці прыступалі толькі з дванаццаці гадоў.

Хлопчык хадзіў у школу, кожны дзень пераадольваючы па шаснаццаць кіламетраў. У школе, аднак, яго лічылі “пестуном”, бо ён вельмі не любіў непрыстойнасці і жарты, звязаныя з нячыстасцю. Аднойчы аднакласнікі зрабілі ў класе падпал і звалілі віну на яго. Дамінік не пярэчыў і прыняў пакаранне ад настаўніка. І ўчыніў гэта не столькі для таго, каб не стаць даносчыкам, колькі дзеля пераймання пакоры асуджанага Хрыста, які прыняў незаслужаныя здзекі.

У 1854 г. бацькі аддаюць Дамініка ў школу св. Яна Боско ў Турыне, дзе ён па-сапраўднаму адчуў сябе шчаслівым. На той час школа існавала ўсяго два гады, і ніхто яшчэ не ведаў, што яна разрасцецца ў велізарную сетку выхаваўчых устаноў салезіянскага таварыства.

Дамінік зусім не карыстаўся ўсеагульнай любоўю. Сваё жыццё ў школе ён распачаў з таго, што аднойчы, калі два хлапчукі сабраліся біцца, ён стаў паміж імі, сціскаючы ў руках маленькі крыжык, і моцным голасам закрычаў: "Перш чым біцца, паглядзіце сюды і скажыце: Езус Хрыстус быў бязгрэшны і памёр, даруючы сваім катам; я – грэшнік, і я свядома хачу абразіць Пана сваёй злосцю. Пасля гэтага можаце біцца, але спачатку пабіце мяне". Сёння такія паводзіны здаліся б зусім натужлівымі і тэатральнымі. XIX стагоддзе было больш адчувальным. Дамінік нагадаў ім, што яны людзі, а не шчанюкі неразумныя, і што такімі паводзінамі яны балюча раняць сэрца Хрыста. Некаторыя з хлопцаў слухалі яго, а некаторыя называлі яго "гадзяня" і казалі: "Бяжы скардзіцца ксяндзу Боско". Святасць Савіо выяўлялася ў тым, што ў адказ на ўсе абразы і знеслаўленні ён лагодна ўсміхаўся. Дамінік увогуле быў вясёлы падлетак, з-за чаго ў яго перыядычна здараліся непрыемнасці з настаўнікамі.

Дамінік на пачатку свайго прабывання ў араторыі стаў весьці вельмі аскетычнае жыццё, прымаючы шматлікія пакуты, што было неверагодна для яго ўзросту. Аднойчы ксёндз Боско, абыходзячы спальні, убачыў, што Дамінік адкінуў коўдру і мерзне ў адной кашулі. "Што ты робіш, застудзішся», -- сказаў святар. “Езус у бэтлеемскіх яслях не прастудзіўся", -- запярэчыў Дамінік.

24 чэрвеня 1855 г. араторый у Вальдокко адзначаў імяніны ксяндза Боско, і з гэтай нагоды моладзь зрабіла сапраўднае свята. Ксёндз Боско, хоць грошай у яго зусім не было, сабраўшыся з сіламі, з усмешкай сказаў: "Паколькі я віноўнік урачыстасці, мне належыць аплаціць гэтае свята. Няхай кожны з вас напіша на лісточку, што найболей хацеў бы атрымаць у падарунак. Калі вы не папросіце аб каралеўскім палацы, я паспрабую задаволіць усе вашыя жаданні“. Просьбы былі сур'ёзныя і пацешныя. Напрыклад, Ян Рода папрасіў у падарунак трубу (і ксёндз Боско на самой справе здабыў для яго гэты інструмент). Дамінік напісаў пяць слоў: "Калі ласка, дапамажыце мне стаць святым". Да такой просьбы трэба ставіцца сур'ёзна, падумаў ксёндз Боско. Ён паклікаў Дамініка: "Ты папрасіў у мяне выдатны падарунак, Дамінік! Я табе дапамагу. Ведаеш, каб стаць святым, патрэбны рэцэпт, такі самы, які твая мама выкарыстоўвае для прыгатавання торта: ...яна чытае рэцэпт (пакласці муку, яйкі, дрожджы...), і пячэ. А каб стаць святым, патрэбны вось якія тры складнікі: радасць -- прагані тое, што цябе турбуе і засмучае; твае абавязкі ў вучобе і пабожнасці -- будзь вельмі ўважлівы ў школе, добра выконвай хатнія заданні, вучы ўрокі, а калі я прапаную табе маліцца, маліся з задавальненнем; будзь добразычлівым да людзей -- побач з табой заўсёды знойдзецца хтосьці, каму будзе патрэбна твая дапамога. Дапамажы яму, нават калі табе і цяжка. Калі ты добра перамяшаеш гэтыя інгрыдыенты, то станеш святым".

Дамінік доўга разважаў над гэтай парадай. Яму здавалася, што першыя два “інгрыдыенты” ў яго заўсёды былі. А вось дапамагаць іншым... тут трэба было папрацаваць, штосьці прыдумаць. І ён паспрабаваў. Спачатку распачаў дапамагаць тым, хто раніцай не любіў уставаць або чысціць чаравікі, наведваў хворых у лазарэце, вучыў урокі разам з тымі, хто быў не надта здольны. Аднойчы Дамінік адважна парваў непрыстойны часопіс, які адзін з хлопцаў прынёс у араторый. “Ён жа мог прынесці шкоду іншым!”, -- усклікнуў Дамінік. Але неўзабаве ён зразумеў, што адзін ён мала што можа зрабіць.

Вясною 1856 г. у яго з'явілася ідэя: чаму б не аб'яднацца ўсім жадаючым і не паспрабаваць разам рабіць дабро? Ён паразмаўляў аб гэтым з самымі прыстойнымі і пабожнымі хлопцамі араторыя. Тым гэтая ідэя спадабалася. Яны заснавалі суполку і назвалі яе "Таварыствам Беззаганнай" -- у гонар Беззаганнай Панны Марыі. Ксёндз Боско пахваліў гэтую ідэю і дазволіў членам таварыства несці ў араторый сваё апостальства.

Сам ксёндз Боско ўспамінаў, што з таго часу, як пачало дзейнічаць таварыства, жыццё ў араторыі рэзка палепшылася. Да гэтага ён практычна адзін прыглядаў за хлопцамі, а цяпер члены таварыства былі заўсёды гатовыя дапамагчы ў "гарачых кропках": калі хтосьці на кагосьці крычаў ці збіраўся пабіць, абаранялі самых слабых, супакойвалі дзёрзкіх. Пачаткоўцы, якія прыходзілі ў школу ксяндза Боско, нярэдка размаўлялі толькі на дыялекце сваёй вёскі, тужылі па маленькай бацькаўшчыне. Яны былі выдатнымі хлопцамі, але адным ім было вельмі цяжка: сябры таварыства прымалі іх "пад сваё крыло" і дапамагалі асвоіцца. Таварыства Беззаганнай з’яўляецца шэдэўрам Дамініка Савіо, які ён пакінуў у салезіянскіх араторыях.

У лютым 1857 года здароўе Дамініка рэзка пагоршылася. Два яго малодшыя браты памерлі яшчэ ў маленстве. У яго таксама было слабое здароўе. Моцны кашаль і ліхаманка проста забівалі Дамініка. Ксёндз Боско параіў хлопчыку спыніць вучобу і вярнуцца дадому падчас навучальнага года. Дамінік выслухаў яго, затым спыніў на ім доўгі позірк сваіх вялікіх вачэй, паківаў галавой і сказаў:

- Я паеду, але больш не вярнуся. Ксёндз Боско, мы з вамі гутарым у апошні раз. Скажыце, калі ласка, што я яшчэ магу зрабіць для Пана?

- Ахвяруй Яму свае цярпенні.

- А яшчэ што?

- Ахвяруй Яму сваё жыццё.

Голас ксяндза Боско стаў вельмі сур'ёзным: ён ведаў, што гэтая ахвяра будзе прынятая.

У Мандоніо маці і бацька ахінулі Дамініка вялікай любоўю. Лекар, агледзеўшы хлапчука, паставіў дыягназ: лёгачнае запаленне. Тады так называлі цяжкае запаленне лёгкіх. Дамінік памёр амаль раптоўна – 9 сакавіка 1857 года. Апошняе, што ён прамовіў: “Ах, якія прыгожыя я бачу рэчы!”

У 1950 г. Папа Рымскі Пій XII беатыфікуе Дамініка Савіо, а 12 чэрвеня 1954 г. абвяшчае святым. Святы Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў і моладзі. Да яго звяртаюцца і цяжарныя жанчыны, просячы аб ласцы шчаслівых родаў.

Парэшткі святога знаходзяцца ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.

Крыніца: sdb.org; donboscogatchina.ru