Набажэнства да Сэрца Пана Езуса

Распаўсюджвайце гэтае набажэнства — культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса, бо яно змяшчае ў сабе ўсе іншыя набажэнствы.

Св. Ян Боска

 

Навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса

Першы дзень

З вялікім даверам прыходжу да Цябе, о наймілейшае, айцоўскае Сэрца майго Езуса. Ні адзін бацька, нават самы чулы і клапатлівы, не любіць сваіх дзяцей так, як Ты палюбіў і любіш нас! Як жа часта я засмучаў сваімі грахамі Тваё любячае Сэрца! Адплачваючы Табе няўдзячнасцю, я заслужыў, каб Ты адпрэчыў мяне, як нягодніка. Аднак Ты не перастаў любіць мяне. О Езу, спадзяюся, што Ты не адкінеш мяне цяпер, калі я са скрушаным сэрцам аплакваю каля Тваіх ног свае грахі, абяцаючы: лепш мне памерці, чым вярнуцца да былых правінаў. Падтрымлівай мяне сваёй ласкай, о Найсвяцейшае Сэрца, каб я мог вытрываць у гэтай пастанове. Амэн.

 

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Хвала Айцу…

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, будзь маім ратункам.

 

Другі дзень

Мой умілаваны Езус, як жа мяне ўзрушвае думка пра тое, што Ты, з’яўляючыся Богам, прыняў чалавечае цела і такім чынам стаў нашым Братам, каб узвысіць нас да годнасці сыноў Божых! Аднак Твайму братэрскаму Cэрцу гэтага было недастаткова. Яно прагнула падзяліцца з намі спадчынай Нябеснага Валадарства і жадала далучыць нас да ўсіх сваіх справаў. Як жа я ўдзячны Табе за гэта! Ах, мой Езу, я шчыра шкадую, што ранеў быў такім абыякавым да Цябе. Цяпер перапрашаю Цябе і малю праз заслугі Твайго Найсвяцейшага Сэрца, каб дзякуючы Тваёй ласцы я мог у будучыні наследаваць прыклад, які Ты нам пакінуў. Амэн.

 

Трэці дзень

О наймілейшы мой Езу, хто ж будзе сумнявацца, што атрымае ад Цябе ўсё, аб чым папросіць, ведаючы, што Тваё Сэрца для нас не толькі Сэрца Брата альбо чулага і клапатлівага Айца, але таксама Сэрца ўсемагутнага Валадара, шчодрага і міласэрнага? Колькі разоў я бунтаваўся супраць Цябе! Аднак я не ўпадаю ў роспач, бо памятаю, што Ты, о Езу, бязмежна велікадушны і ласкавы Валадар. Ты заўсёды прабачаеш грэшніку, які з пакораю шкадуе за ўчыненае беззаконне. Таму суцеш мяне, о найлітасцівейшае Сэрца Бога! Прабач мне, падтрымай мяне сваёю ласкаю цяпер, калі я ў скрусе падаю да Тваіх ног і прашу, каб з гэтага моманту ў маім сэрцы валадарыў толькі Ты. Амэн.

 

Чацвёрты дзень

Да каго мне звяртацца ў разнастайных сваіх патрэбах, калі не да Твайго Найсвяцейшага Сэрца, о Езу, сапраўдны сябар нашых душаў. Ты з такою любоўю нам паўтараеш: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). На жаль, я так часта памыляўся, ускладаючы надзею на стварэнні, хоць шмат разоў упэўніваўся, што яны непастаянныя і падманлівыя. Аднак, калі я раней учыняў Табе такую крыўду, то ў будучыні буду пазбягаць гэтага і абяцаю, што ва ўсіх патрэбах, сумненнях і цяр пеннях буду звяртацца да Твайго Боскага Сэрца, каб атрымаць святло, апеку і падтрымку. Амэн.

 

Пяты дзень

Найсвяцейшае Сэрца майго Езуса, Ты любіш нас больш за ўсялякае іншае сэрца! Як жа можа не праслаўляць Цябе мая душа, калі задумаецца над тым, якія вялікія доказы любові яна атрымала ад Цябе? З жалем прызнаюся, што да гэтага часу я вельмі мала адказваў удзячнасцю на Тваю бясконцую любоў, нягодна адварочваўся ад Цябе, выбіраючы марнасць і зямныя задавальненні. Вылечы, добры Езу, нячуйнасць майго сэрца, прабіўшы яго вогненнаю стралою Тваёй любові. Няхай яна знішчыць ува мне ўсялякую іншую любоў, якая не адпавядае волі Твайго Сэрца. Амэн.

 

Шосты дзень

О любы мой Пане, каб даць нам спазнаць невымоўную веліч Тваёй любові, Твайму наймілейшаму Сэрцу недастаткова было ахвяраваць сваё жыццё на крыжы, прайшоўшы праз велізарныя цярпенні. Ты пажадаў духоўна заручыцца з маёю душою праз містычны саюз: цудатворнаю ўсемагутнасцю сваёю Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт алтара, на якім штодзённа складаеш сябе ў ахвяру за нас і застаешся заўсёды з намі, — у кожную хвіліну, калі толькі мы захочам Цябе прыняць, Ты ўцелаўляешся ў нашых душах і перамяняеш нас у сябе. Не глядзі на маю слепату, з‑за якой я так часта пакідаў Цябе, каб імкнуцца за памылковымі і атрутнымі задавальненнямі. З гэтага часу найбольшаю маёю радасцю будзе прабыванне побач з Табою, скрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, і частае прыняцце Цябе ў маё ўбогае сэрца. Веру, што Тваё Боскае Сэрца ўдзеліць мне гэтую вялікую ласку. Амэн.

 

Сёмы дзень

Мае грахі і вялікая няўдзячнасць да Тваёй бясконцай дабрыні павінны былі б пазбавіць мяне мужнасці і пагрузіць у роспач, аднак прыязнасць Твайго Сэрца, мой Збавіцель, абуджае ўва мне надзею і дае суцяшэнне. Я ведаю, што з бясконцай любові да нас Ты сышоў з неба, прыняў чалавечае цела, праліў за нас Найдаражэйшую Кроў і ахвяраваў сваё жыццё на крыжы. Таму я, поўны даверу, звяртаюся да Твайго Сэрца і прашу: праз Твае бязмерныя заслугі выпрасі для мяне ў Спрадвечнага Айца найперш прабачэнне грахоў, ласку шчырага навяртання, трывання ў веры і, нарэшце, гэтую ласку ... (назваць просьбу), якая так мне патрэбна. Амэн.

 

Восьмы дзень

Пане Езу, недастаткова было, каб з бязмежнай любові, якою палала да нас Тваё Сэрца, Ты памёр на крыжы як Ахвяра перапрашэння за нашыя грахі. Ты дазволіў прабіць дзідаю гэтае поўнае любові Сэрца, каб мы змаглі зазірнуць у Яго глыбіню і здзівіліся з Тваёй невымоўнай любові! Ты падарыў нам, о Езу, гэтае параненае Сэрца. Яно заўсёды адкрытае для нас не толькі для таго, каб мы знаходзілі ў ім прытулак і сховішча ад маланкаў Божай справядлівасці, але каб з гэтай багатай крыніцы ласкаў і міласэрнасці мы чэрпалі дапамогу ва ўсіх сваіх патрэбах. О Езу наймілейшы, прашу Цябе праз Тваё Найсвяцейшае Сэрца, беражы і ратуй мяне ад новых падзенняў; учыні, каб у ціхім прытулку Твайго Сэрца я мог схаваць сваё беднае сэрца навекі. Амэн.

 

Дзявяты дзень

О Сэрца Езуса, якія ж незлічоныя ласкі я атрымаў ад Цябе! Дык ці магу ж яшчэ сумнявацца ў Тваёй міласэрнасці да мяне? Ніводная маці, нават самая чулая і любячая, не любіць сваіх дзяцей больш, чым Ты любіш нашыя душы. Я не баюся, што Ты адмовіш мне, калі буду звяртацца да Цябе ў нейкай патрэбе. Дай жа мне, о Езу, поўны давер да Цябе. Учыні, каб заўсёды і ўсюды я прымаў Тваю святую волю. Вядзі мяне праз жыццё так, каб усе мае ўчынкі былі скіраваныя на памнажэнне хвалы Твайго Боскага Сэрца на зямлі, а мне праз гэта забяспечылі вечнае жыццё ў небе. Амэн.

 

Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, адзіны Божа,

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, — змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,

Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,

Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,

Сэрца Езуса, святыня Бога,

Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,

Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,

Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,

Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,

Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,

Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,

Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,

Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,

Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,

Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,

Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,

Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,

Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,

Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,

Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,

Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці,

Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,

Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,

Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,

Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,

Сэрца Езуса, дзідай прабітае,

Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,

Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,

Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,

Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,

Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,

Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,

Сэрца Езуса, радасць усіх святых,

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

 

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,

Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

 

Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці, і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.

Н.: Амэн.

Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.

Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.

С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, — не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.

Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.

С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.

Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

 

Малітва салезіяніна да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, дапамажы нам зразумець, што салезіянскае пакліканне ставіць нас у сэрцы Касцёла на службе яго Боскага апостальства. Учыні, каб мы з добразычлівымі сэрцамі ахвяравалі Касцёлу сваю харызму, якую нам перадаў св. Ян Боска, заклікаючы нас быць сапраўднымі місіянерамі моладзі і радаснымі вестунамі Добрай Навіны. Езу Хрыстэ, прыклад і крыніца нашай пастырскай любові, учыні, каб у штодзённым жыцці мы наследавалі Тваю бязмежную адданасць волі Нябеснага Айца, каб так, як і Ты, мы былі добрымі пастырамі для людзей, асабліва пакінутых і ўбогіх, горача прагнулі сабраць усіх вучняў у адзінай братэрскай супольнасці.

Дзякуем Табе, Езу, што напоўніў сэрца св. Яна Боска бязмежнаю любоўю да моладзі. Такой жа любоўю ўзбагаці сэрца кожнага салезіяніна і ўчыні, каб у кожным маладым чалавеку мы адкрывалі Тваю прысутнасць і па прыкладзе нашага святога заснавальніка былі заўсёды гатовыя ахвяраваць моладзі свой час, здольнасці і здароўе, ажно да поўнай ахвяры жыцця. Праз ласку твайго Духа ўчыні, каб евангельскія парады, якія мы практыкуем у нашай манаскай суполь насці, ажыўлялі нашае духоўнае жыццё і нашу апостальскую працу. Амэн.

 

IMPRIMATUR

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мiтрапалiт Мiнска‑Магiлёўскi

Мiнск, № 361/к/14 ад 4 верасня 2014 г.