Набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў

Даверцеся Марыі Успамозе Хрысціянаў, і ўбачыце, што такое цуды.

Св. Ян Боска

Навэнна да Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў

(Традыцыйная)

Першы дзень

О Найсвяцейшая Панна Марыя, магутная Успамога Хрысціянаў, якія з даверам звяртаюцца да трона Тваёй міласэрнасці! Пачуй просьбы свайго народу, які просіць Цябе аб дапамозе, патрэбнай для пазбягання граху і ўсялякіх абставінаў, якія вядуць да яго. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Марыя Успамога Хрысціянаў, — маліся за нас.

С.: Дазволь нам праслаўляць Цябе, о святая Панна,

Н.: Дай нам сілу супраць непрыяцеляў Тваіх.

 

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, для абароны хрысціянскага народу Ты прызначыў благаслаўлёную Панну Марыю нашай вечнай памочніцай. Просім, учыні ласкава, каб, падтрыманыя Яе апекаю, змагаючыся пры жыцці і ў хвіліну смерці, мы маглі атрымаць перамогу над непрыяцелямі нашага збаўлення.

Н.: Амэн.

 

Другі дзень

О Найсвяцейшая Панна Марыя, непераможная Каралева і Маці Касцёла! На працягу вякоў Ты бяспечна кіравала яго лодкаю пачас страшных бураў, учыні, каб як мага хутчэй зніклі ўсе падзелы сярод веруючых і хутка настала адна аўчарня і адзін Пастыр, Твой Сын Езус Хрыстус. Амэн.

 

Трэці дзень

О Марыя, любімая Маці! Ты была магутнаю апякункаю Пія VII і іншых Папаў аж да сённяшняга дня. Ахіні плашчом мацярынскай апекі наступніка Хрыста на зямлі — Святога Айца. Нястомна ахоўвай яго падчас небяспекі, распалі ў ім агонь духа, будзь для яго Натхняльніцаю і Правадніцаю, каб ён мог паяднаць усіх людзей добрай волі ў Хрыстовым Касцёле. Амэн.

 

Чацвёрты дзень

О Марыя, Каралева Апосталаў! Вазьмі пад сваю магутную апеку біскупаў, прэзбітэраў і ўвесь верны народ. Выпрасі для іх дух еднасці, дасканалай паслухмянасці Святому Айцу і сапраўднага клопату пра збаўленне душ. Перадусім шчыра апякуйся місіянерамі, каб іх служэнне спрычынілася да ўмацавання Божага Валадарства на зямлі, да праслаўлення Бога і збаўлення ўсіх у небе. Амэн.

 

Пяты дзень

О Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева мучанікаў! Падчас свайго зямнога жыцця Ты спазнала вялікія цярпенні, умацуй нашую волю ў верным служэнні Табе, каб мы адважна і пераканана спаўнялі свае рэлігійныя абавязкі і заўсёды былі Тваімі вернымі дзецьмі. Амэн.

 

Шосты дзень

О Марыя Успамога Хрысціянаў! Выпрасі для нас ласку, каб мы вытрывалі ў святой веры і захавалі ў сабе свабоду дзяцей Божых. У сваю чаргу абяцаем Табе прыкласці ўсе намаганні, каб нашае жыццё было нястомнаю ахвяраю для Бога, нашага Айца, ахвяраю, што мы будзем прыносіць праз Езуса, Твайго Сына, які гарантаваў нам вечнае збаўленне. Амэн.

 

Сёмы дзень

О Найсвяцейшая Панна Марыя, ласкавая і літасцівая Маці! Сваім дзейсным заступніцтвам Ты не раз вызваляла хрысціянскі народ ад жыццёвых няшчасцяў і зямных пакаранняў. Ратуй нас ад напасці бязвер’я і вольнасці звычаяў, з‑за якіх душы становяцца абыякавымі і аддаляюцца ад Бога. Умацоўвай добрых, падтрымлівай слабых, пакліч да пакаяння закаранелых грэшнікаў. Амэн.

 

Восьмы дзень

О Найсвяцейшая Панна Марыя, найласкавейшая Маці Божага Сына! Пачуўшы вестку аб Яго смерці, Ты з трывогаю сумавала па Ім тры дні, просім Цябе, глянь вокам сваёй мат-чынай любові на нашых дзяцей і моладзь. Надзейная Успамога ў справах выхавання, вядзі маладое пакаленне да Езуса Хрыста, дапамагай моладзі расці ў атмасферы праўды і любові і захавай ад граху. Амэн.

 

Дзявяты дзень

О Марыя, Найласкавейшая Маці! Ва ўсе часы Ты была Успамогаю Хрысціянаў, атулі нас сваёю чулаю апекаю пры жыцці і асабліва — у хвіліну нашай смерці. Учыні, каб мы, любячы і ўшаноўваючы Цябе на зямлі, маглі праслаўляць Тваю міласэрнасць у небе. Амэн.

 

Малітва

(Складзена св. Янам Боска паводле біблійных тэкстаў)

О Марыя, магутная Панна, велічная і прыгожая Абарона Касцёла, цудоўная Успамога Хрысціянаў! Нязломная, як войска ў баявым парадку, Ты сама знішчыла ўсе аблуды, што атручваюць свет. Просім, абарані нас ад ворага ў горы, барацьбе і безнадзейнасці, а ў хвіліну смерці прывядзі да неба. Амэн.

 

Навэнна да Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў

(Урачыстая)

Першы дзень

1. ГІМН

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

 

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,

Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),

Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,

Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,

Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

 

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся за святы Касцёл і Святога Айца.

С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, благаславі святы Касцёл і ўсіх вернікаў, якія трываюць у еднасці са Святым Айцом; аб’яднай падзеленых братоў з Намеснікам Хрыста; асвяці ўсіх няверных праўдаю Евангелля.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб Божы Касцёл верна выконваў місію навучання і збаўлення народаў.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб Святы Айцец N. (назваць імя), біскупы і прэзбітэры апекаваліся даверанай ім аўчарняй Хрыстовай.

— Каб Марыя была магутнаю Валадаркаю і натхненнем Святога Айца.

— Каб адлучаныя хрысціянскія Касцёлы вярнуліся да еднасці са Святым Айцом.

— Каб мясцовы Касцёл аддана служыў Богу і Айчыне.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: О Марыя, магутная і надзейная Абарона Касцёла, цудоўная Успамога Хрысціянаў. Ты, як кажа святы Амброзій, з’яўляешся першавобразам Касцёла ў веры, любові і поўным паяднанні з Хрыстом. Просім Цябе праз Тваю найчысцейшую любоў да Езуса Хрыста, ахіні плашчом сваёй апекі ўвесь Касцёл, асабліва Святога Айца N. (назваць імя). Барані яго ад пагрозаў шматлікіх ворагаў. Будзь яму абаронным шчытом і натхненнем на шляху, па якім ён вядзе зямных пілігрымаў да вечнасці.

Будзь чулаю Маці для ўсіх біскупаў, прэзбітэраў, людзей, якія прысвяцілі сябе Богу, і для вернага хрысціянскага народу. Выпрошвай для іх дух еднасці са Святым Айцом N. (назваць імя). Наблізь, о ўсемагутная Успамога, дзень, у якім вернуцца да еднасці з Папам усе адлучаныя хрысціянскія супольнасці, а народы ўсяго свету збяруцца каля аднаго Пастыра.

Абяцаем Табе, Успамога наша, што па прыкладзе св. Яна Боска мы будзем верна трываць у адзінстве з Апостальскаю Сталіцаю, таму што жадаем жыць і паміраць ва ўлонні каталіцкай веры, у якой маем адзіную надзею на вечнае збаўленне.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,

Н.: Маліся за нас.

С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,

Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

 

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.

Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

 

Другі дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся за ўсіх веруючых і людзей добрай волі.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, блаславі ўсіх вернікаў, а людзей добрай волі прывядзі да праўды і збаўлення. Паглядзі на ўсіх, хто змагаецца паміж дабром і злом, паміж святлом і цемраю. Суцеш усіх, абарані ад няшчасцяў і адары ўсялякімі дабротамі.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб Ты для ўсіх людзей была любячаю Успамогаю.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб народы свету Ты давяла да пазнання праўды і збаўлення.

— Каб Ты берагла нас ад дрэнных учынкаў, нягодных веруючага чалавека.

— Каб усе ахрышчаныя сведчылі сваім жыццём пра Хрыста.

— Каб веруючыя ў Хрыста клапаціліся пра сваё духоўнае развіццё.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: Марыя, нябесная Успамога, Каралева неба і зямлі. Агарні сваім сэрцам усе народы свету — як хрысціянскія, так і тыя, што пагружаныя ў цемру язычніцтва. Паглядзі на мільярды сваіх дзяцей, якія застаюцца далёка ад Касцёла і Хрыстовай праўды. Пашлі ім руплівых апосталаў веры, каб яны адкрылі ім вочы на святло Евангелля. Ты з’яўляешся Успамогаю веруючых людзей, але не забываеш ні пра кога, хто кіруецца сваім духоўным інстынктам і нібы навобмацак ідзе ў кірунку да Бога, распазнаючы натуральны закон, упісаны ў яго сэрцы. Ва ўсіх распальвай смутак па тым, што добрае, прыгожае і чыстае. Нікога не пакідай. Спяшайся ўсім на дапамогу. Верных Табе дзяцей, якія застаюцца ў еднасці з Касцёлам і Хрыстом, падтрымлівай у імкненні да святасці жыцця. Людзей добрай волі напаўняй сілаю для выканання высакародных учынкаў. Тых, хто заблукаў у грахах, пабуджай да пакаяння і адкрывай іх розумы на Божае святло.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Трэці дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся аб згодзе і супакоі паміж народамі.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, з’яднай усе народы ў еднасці і згодзе. Уладарам і кіраўнікам удзялі святло, каб яны ажыццяўлялі сваю ўладу ў духу паша-ны да чалавечых правоў, а падданым дай бяспеку і парадак, каб яны, спакойна працуючы і радуючыся дабрабыту, маглі жыць шчасліва.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб народы зямлі Ты з’яднала ў адну чалавечую сям’ю.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб усіх людзей Ты захавала ад вайны, ад крыўды, нянавісці і насілля.

— Каб улады разважліва кіравалі сваімі народамі ў духу пашаны да чалавека.

— Каб праз справядлівы падзел зямных дабротаў былі забяспечаныя патрэбы ўсіх народаў.

— Каб для нашай айчыны Ты выпрасіла духа веры і супакою, узаемаразуменне і любоў адзін да аднаго.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: Найлепшая Маці цудоўнай любові! Праз найдаражэйшае Сэрца Твайго Сына, Князя Супакою, учыні, просім, каб гнеў Яго злагодзіўся і Ён панаваў над светам у любові і супакоі. О Марыя Успамога Хрысціянаў! Паглядзі на гэты свет, які пакутуе ад нянавісці, нячыстых інтарэсаў і эгаі-стычных памкненняў. І сёння льецца кроў нявінных, стогнуць народы, прыгнечаныя несправядлівасцю, памнажаюцца запасы зброі, якая нясе смерць і разбурэнне. Нянавісць ахоплівае як асобных людзей, так і цэлыя грамадствы.

Марыя! Ты адна можаш выпрасіць у Божага Сына ўзаемаразуменне між людзьмі. Няхай любоў і справядлівасць стануць прынцыпам вырашэння спрэчных справаў паміж народамі і дзяржавамі, каб урэшце знік прывід гібелі і разбурэння. Дай нам спакой, якога мы моцна прагнем і які неабходны для свабоднага і паспяховага развіцця.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Чацвёрты дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся аб вытрымцы ў веры.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, дай Твайму народу ласку вытрываць у святой веры. Асвячай розумы, распальвай у сэрцах агонь шчырай пабожнасці, а волю схіляй да ўчынкаў, згодных з вучэннем Езуса.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб Ты напоўніла нас духам бясстрашнай веры.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб Ты выпрасіла для нас ласку дзейнічаць згодна з Божай воляй.

— Каб мы адважна вызнавалі сваю веру ва ўсіх абставінах жыцця.

— Каб мы сталі апосталамі нашай веры ў кожным месцы і ў кожным асяроддзі.

— Каб мы цанілі сваю веру, як самы вялікі скарб, дадзены Богам.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: О Марыя, Падтрымка Касцёла і Успамога ўсіх вернікаў. Святы Ян Боска паказаў нам Цябе як Апякунку народу, што змагаецца за захаванне сваёй веры. Сёння падступнае зло таксама раніць розумы і сэрцы Тваіх дзяцей, спрабуючы адарваць іх ад Хрыста і Яго збаўчай любові.Успамога верных, умацуй у нас разуменне той вялікай праўды, што чалавек можа дасягнуць шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці толькі праз любоў да веры і яе практыкаванне. Выпрасі для нас у Бога сілу, неабходную для таго, каб мы вытрывалі ў веры нашых бацькоў, у тым ліку ў хвіліны небяспечных спакусаў і чалавечых слабасцяў.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Пяты дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся аб навяртанні грэшнікаў.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, каб грэшнікі адумаліся. Прывядзі іх да шчырага пакаяння, адпусці ім правіны, даруй кары, якія яны заслужылі, і ўмацуй іх на шляху да збаўлення.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб усе слабыя і падаючыя ўбачылі ў Табе прытулак грэшнікаў.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб тым, хто заблудзіўся на сцежках грэшнага жыцця, Ты паказала

шлях да паяднання з Богам.

— Каб нас ад бязвер’я, п’янства, нянавісці і несправядлівасці захавала.

— Каб Ты дапамагала нам дзейсна змагацца са сваімі дрэннымі схільнасцямі і звычкамі.

— Каб кожнае людское сэрца Ты захавала ад няшчасця граху.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: Найсвяцейшая Успамога, Беззаганная Дзева! Цябе адну, як містычны каўчэг, Бог захаваў ад усялякай правіны ў паўсюдным патопе людскога ўпадку. Заслані нас ад хваляў сапсаванасці, якою д’ябал і падступны свет спрабуюць дэмаралізаваць нашыя душы. Каралева, без граху зачатая! Паглядзі літасціва на бедных грэшнікаў, якія паралізаваныя злом, ахопленыя залежнасцямі і дрэннымі звычкамі, бяздумна брыдуць па заганных шляхах, знішчаючы сваё шчасце і падвяргаючы сябе небяспецы страціць вечнае збаўленне. Будзь для іх міласэрнаю Маці, вырві іх з няволі граху і выпрасі слёзы скрухі, якія вядуць да пакаяння.

Учыні, о Марыя Успамога, каб мы ўсе звярталіся да Цябе ў хвіліны спакусаў і маральнай небяспекі. Няхай успамін пра Тваю любоў і дабрыню дапаможа нам перамагчы апанаванасць грахом, ілюзіі гэтага свету і падманлівыя нашэптванні ворагаў нашага збаўлення. Стань побач з усімі, хто набліжаецца да смерці, абудзі ў іх сэрцах пачуццё віны за ўчыненае зло, а ў свайго Сына выпрасі для іх ласку вечнага збаўлення.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Шосты дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся аб Божым благаслаўленні для сем’яў.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, умацуй сваёй ласкаю жыццё ўсіх нашых сем’яў. Няхай знікнуць з іх звады, сваркі і напружанне, пачуццёвая абыякавасць і неразуменне. Няхай сужэнцы, дзеці і ўсе дамачадцы адорваюць адно аднаго шчыраю любоўю, ствараючы адзінства розумаў, сэрцаў і ўчынкаў.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб Ты была прысутнаю ва ўсіх нашых сем’ях.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб члены ўсіх сем’яў адчувалі, што яны паяднаныя між сабою Богам, верай і любоўю.

— Каб нашыя сем’і маглі вызваліцца ад п’янства, разводаў, нязгоды і рэлігійнай абыякавасці.

— Каб кожны сямейны агмень ззяў радасцю мноства дзяцей, што выхоўваюцца паводле Божых запаведзяў.

— Каб узаемаразуменне, павага і су польная праца напаўнялі шчасцем сэрцы ўсіх дамачадцаў.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: Успамога Хрысціянаў, Маці назарэтанскай Сям’і! Атулі сваёй невычэрпнай любоўю ўсе нашыя сем’і і прысутнічай у кожным доме. Сэрцы бацькоў, дзяцей і дамачадцаў напоўні духам супакою, ахвярнай добразычлівасці і ўзаемнай сімпатыі. Вядзі ўсіх па сцежках сумленнай працы, што дзённай малітвы і асвячэння праз удзел у святой Імшы і частай святой Камуніі.

Абараняй святасць сужэнства і зачатага жыцця. Кіруй хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі. Будзь крыніцаю духоўнай сілы ў хвіліны жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. Палягчай зямныя турботы і падтрымлівай клопат пра хлеб штодзённы. Хворых і церпячых атулі асабліваю ласкаю. Чувай над захаваннем Божага закону і добрых звычаяў.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Сёмы дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся за дзяцей і моладзь.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, дазволь дзецям і моладзі прыйсці да Цябе, дапамагай ім адольваць усялякія спакусы і небяспекі. Няхай дзякуючы Тваёй ласцы яны фармуюць у сабе высакародныя характары, ахвярныя сэрцы і розумы, адчувальныя да праўды і дабра. Паглы-бляй у іх Божае жыццё.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб на нашай зямлі заўсёды было шмат дзяцей і моладзі.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб маладое пакаленне ўзрастала ў Хрыстовай веры і чысціні звычаяў.

— Каб моладзь не паддавалася спакусе рэлігійнай абыякавасці і павярхоўнасці жыцця.

— Каб берагла Ты, Маці, душы дзяцей і моладзі ад сапсаванасці і ўсялякай маральнай небяспекі.

— Каб у маладых сэрцах палалі вялікія рэлігійныя і нацыянальныя ідэалы.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

Успамога наша, умелая Выхавацелька Езуса ў Назарэце! Святы Ян Боска даў Цябе моладзі як Маці і Настаўніцу, каб Ты ўпэўнена вяла маладых людзей па выбоістых шляхах небяспечных гадоў. Ты найлепей ведаеш маладыя душы, якія, нібы свежыя бутоны ў вясновым садзе, расцвітаюць для жыцця. І ведаеш таксама, з якою лютасцю налятаюць на іх злавесныя віхры сапсаванага свету, марозныя павевы зла і спакусаў. Абарані, о Маці, сваіх дзяцей, якія падаюць і гінуць ад бяссілля і несвядомасці. Засланяй іх сваёй любоўю, улівай у сэрцы Божую мудрасць, суцяшай іх і падбадзёрвай у хвіліны паражэння.

Не дазволь ім заблукаць на бездарожжы граху. Захавай ў іх чысціню сумлення, нявіннасць думак і пачуццяў, радасць і шчаслівую ўсмешку. Дай ім моцныя крылы, каб яны ўпэўнена ляцелі да вышыняў высакароднага жыцця. Учыні, каб яны годна крочылі па слядах сваіх прадзедаў, якія на працягу стагоддзяў з вялікім запалам пакланяліся Табе, Багародзіца.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Восьмы дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся аб шматлікіх святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, абудзі ў маладых сэрцах шматлікія святарскія і манаскія пакліканні. Умацоўвай іх сваёю ласкаю, абараняй ад спакусаў і зманлівай прыгажосці свету, напаўняй іх любоўю да Божай справы.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб штораз больш святароў абвяшчала Божае слова і цэлебравала святую Імшу.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб як мага больш дзяўчатаў і хлопцаў з нашага асяроддзя былі гатовыя прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу.

— Каб хрысціянскія сем’і падтрымлівалі пакліканні, якія абуджаюцца ў іх дзяцей.

— Каб святары і кансэкраваныя асобы святасцю свайго жыцця прываблівалі маладых людзей ісці па іх слядах.

— Каб семінарысты годна рыхтаваліся да выканання сваіх абавязкаў.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: Дзева Успамога! Прачыстая Маці найвышэйшага Першасвятара Езуса Хрыста! Збаўца свету ўчыніў Цябе Маці ўсіх святароў, калі на Галгоце аддаў любімага вучня Яна Табе за сына. Горача просім Цябе, абуджай і далей новыя святыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця, адорвай іх стараннасцю ў падрыхтоўцы да годнага служэння Богу. Абараняй выбраныя душы, каб яны не страцілі паклікання на сцежкі найвышэйшай дасканаласці. Схіляй волю бацькоў да таго, каб яны з ахвотаю адпускалі сваіх дзяцей ісці па слядах Езуса Хрыста.

Будзь для ўсіх пакліканых на службу Божую Заступніцаю і Апякункаю. Дапамагай ім як мага лепш выкарыстоўваць ласкі Божай абранасці. Заступайся за іх перад Сынам, каб яны сталі годнымі слугамі Нябеснага Айца.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Дзявяты дзень

1. ГІМН

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

Молімся за хворых і церпячых.

С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, узмацні сваёю ласкаю ўсіх хворых і церпячых у іх складанай сітуацыі. Дай ім цярплівасць у перажыванні штодзённага болю, адары супакоем духу і ўлі ў іх сэрцы нязломную надзею на вечную ўзнагароду за ўсялякае цярпенне, перажытае на кальварыйскім шляху зямнога жыцця.

3. ПРОСЬБЫ

С.: Каб усім хворым і церпячым Ты несла палёгку і сілу для вытрымкі.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб усім спрацаваным Ты дапамагала несці іх крыж штодзённых цярпенняў.

— Каб Ты выслухала усіх, хто просіць здароўя і ратунку.

— Каб смутныя, расчараваныя і панылыя сэрцы Ты суцешыла і напоўніла супакоем.

— Каб усім, змучаным болем, Ты ўліла ў душы надзею на вечную ўзнагароду і збаўленне.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

4. МАЛІТВА

С.: О Марыя, Аздараўленне хворых і Суцяшальніца засмучаных! Просім Цябе, глянь на цярпенні і хваробы сваіх дзяцей. Твае вочы з мацярынскаю пяшчотаю глядзелі на скрываўленага Езуса. Верым, што гэтыя ж міласэрныя вочы глянуць і на нашыя няшчасці, нястачу і цярпенні, што з чуласцю ахопяць нашыя недамаганні, боль і слёзы. Верым, о Успамога наша, што Твае вочы, якія горка плакалі на гэтай зямлі, глянуць і на нас у гэтай даліне слёз, каб узняць і ўмацаваць нас на нашым кальварыйскім шляху.

Ведаем, што Тваё мацярынскае сэрца не застанецца абыякавым да пакутаў і болю Тваіх дзяцей. Таму, да Цябе звяртаючыся і Цябе аб дапамозе просячы, мы не можам быць адкінутымі.

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi

(Ларэтанская)

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, адзіны Божа,

Святая Марыя, — малiся за нас.

Святая Багародзіца,

Святая Панна над паннамi,

Мацi Хрыстова,

Мацi Касцёла,

Мацi ласкi Божай,

Маці прачыстая,

Мацi беззаганная,

Мацi непарушная,

Маці нявінная,

Мацi наймiлейшая,

Мацi найцудоўнейшая,

Мацi добрай рады,

Мацi Стварыцеля,

Мацi Збавiцеля,

Панна наймудрэйшая,

Панна, хвалы годная,

Панна праслаўлёная,

Панна магутная,

Панна ласкавая,

Панна верная,

Люстра справядлiвасцi,

Сталiца мудрасцi,

Прычына нашай радасцi,

Святыня духоўная,

Святыня хвалебная,

Святыня слаўная пабожнасцi,

Ружа містычная,

Вежа Давiдава,

Вежа з косцi слановай,

Залаты доме,

Каўчэг Запавету,

Брама нябесная,

Зорка ранiшняя,

Аздараўленне хворых,

Прытулак грэшных,

Суцяшальнiца засмучаных,

Успамога хрысціянаў,

Каралева анёлаў,

Каралева патрыярхаў,

Каралева прарокаў,

Каралева Апосталаў,

Каралева мучанiкаў,

Каралева веравызнаўцаў,

Каралева паннаў,

Каралева ўсiх святых,

Каралева, без граху першароднага зачатая,

Каралева ўнебаўзятая,

Каралева Ружанца святога,

Каралева сем’яў,

Каралева супакою, 

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

 

С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.

Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

 

Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вы-зваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.

 

Акт прысвячэння сябе Марыі Успамозе Хрысціянаў

Беззаганная Панна, Маці Бога і наша Маці, магутная Успамога Хрысціянаў, цалкам прысвячаем сябе Тваёй салодкай любові і Твайму святому служэнню. Прысвячаем Табе нашыя розумы і думкі, сэрцы і пачуцці, усе нашыя здольнасці і схільнасці і абяцаем дзейнічаць дзеля большай хвалы Божай і збаўлення душаў.

Просім Цябе, Маці наймілейшая, вазьмі пад сваю пяшчотную мацярынскую апеку ўсіх вернікаў, няшчасных грэшнікаў і паміраючых. Будзь для нас заўсёды салодкаю надзеяй, Маці Міласэрнасці і Брама нябесная. Зрабі так, Марыя Успамога Хрысціянаў, каб мы, змагаючыся пры Табе і перамагаючы ворагаў нашых душ у жыцці і ў хвіліну смерці, калісьці маглі належаць да Твайго акружэння ў Валадарстве Нябесным. Амэн.

 

Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.

 

Малітвы да Марыі Успамогі Хрысціянаў

І

О Марыя, Успамога Хрысціянаў, умілаваная Дачка Спрадвечнага Айца, сам Бог устанавіў Цябе магутнаю дапамогаю для хрысціянскага народу ва ўсіх яго патрэбах — як грамадскіх, так і асабістых. Да Цябе звяртаюцца хворыя ў сваіх цярпеннях, убогія ў нястачы, прыгнечаныя ў смутку, маракі падчас навальніцы, жаўнеры ў грукаце бітваў, падарожнікі ў небяспецы, канаючыя ў агоніі смерці — і ўсе атрымліваюць ад Цябе дапамогу і суцяшэнне.

Выслухай ласкава і маю малітву, о найлітасцівейшая Маці. Агарні мяне плашчом сваёй апекі, атулі мяне сваёю дабрынёю і міласэрнасцю ва ўсіх маіх патрэбах, вызвалі ад усялякага зла і выпрасі для мяне ласкі, неабходныя ў жыцці і ў час смерці. Амэн.

ІІ

О Марыя Успамога, годная Маці Божага Збаўцы, якая ж магутная Твая дапамога хрысціянскаму народу! Ты перамагла ерасі і з трыумфам вывела Касцёл з самых небяспечных змаганняў. Дзякуючы Табе асобныя людзі і цэлыя сем’і не толькі былі вызваленыя, але і неаднойчы ўратаваныя ад найстрашнейшых няшчасцяў. Дастаткова толькі папрасіць Тваёй дапамогі, як вораг у паніцы ўцякае, хваробы знікаюць, і нават смерць мусіць адступіцца ад сваёй ахвяры.

Няхай жа адновіцца ўва мне давер да Цябе, Марыя, каб у кожнай сваёй патрэбе я таксама мог адчуць на сабе, што Ты сапраўды з’яўляешся Успамогаю тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, Абаронцаю пераследаваных, Аздараўленнем хворых, Суцяшэннем прыгнечаных, Прытулкам для грэшнікаў і Вытрымкаю справядлівых. Амэн.

ІІІ

О Марыя Успамога, наймілейшая абранніца Духа Святога, умілаваная Маці хрысціянаў. Прашу, дапамажы мне, вырві мяне з путаў граху і пастак ворагаў душы і цела. Аддалі ад мяне кары, якія я заслужыў з‑за сваіх правінаў. Учыні, каб у кожнай патрэбе я спазнаў плён Тваёй любові і сілы.

Умілаваная Маці нашая, як жа я прагну сузіраць Тваё аблічча ў нябесным шчасці. На жаль, адчуваю, што з‑за сваіх грахоў я, магчыма, не заслугоўваю гэтай радасці. Не дапусці гэтага вялікага няшчасця. Выпрасі для мяне ў Езуса шчыры жаль за зло, учыненае мною, і ласку добрай споведзі, каб я мог у супакоі перажыць усе дні майго жыцця, мець благаслаўлёную смерць і ўрэшце атрымаць у небе шчасце разам з Табою радавацца вечнаму паяднанню з Богам. Амэн.

 

Акт прысвячэння сябе Маці Божай як сваёй Маці

Пане мой, Езу Хрыстэ, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, Цябе прызнаю і ўшаноўваю як мой пачатак і маю канчатковую мэту. Прашу, каб Ты, маючы на ўвазе маё дабро, пажадаў і да мяне скіраваць таямнічыя і поўныя любові словы запавету, якія Ты прамовіў на крыжы і праз якія адарыў свайго любімага апостала Яна вялікаю годнасцю і тытулам сына Тваёй Маці Марыі. Паўтары Ёй, маючы на ўвазе таксама мяне, гэтыя словы: «Жанчына, вось сын Твой».

Марыя, дай мне ласку, каб я мог належаць Табе як Тваё дзіця, прызнаючы ў Табе сваю Маці на працягу ўсяго майго жыцця.

Благаслаўлёная Дзева Марыя, мая Апякунка і Пасрэдніца, я, N. (назваць імя), цалкам даручаю сябе Тваёй дабрыні і міласэрнасці. Напоўнены моцным жаданнем пераймаць Твае дзівосныя цноты, выбіраю сёння Цябе за сваю Маці і прашу, пажадай залічыць мяне да кола Тваіх дарагіх сыноў. Аддаю Табе ўсяго сябе дарэшты і беззваротна. Прашу Цябе, прымі гэтую ахвяру і ласкава глянь на дзіцячы давер, з якім я гэта раблю. Атуляй мяне мацярынскаю апекаю на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў хвіліну смерці, каб мая душа, вызваленая ад путаў цела, перайшла з гэтай даліны слёз да вечнай радасці ў Нябесным Валадарстве. Амэн.

 

Малітва да Марыі Успамогі Хрысціянаў аб апецы ў жыцці

Найсвяцейшая і Беззаганная Дзева Марыя, наша найчулейшая Маці і магутная Успамога Хрысціянаў, мы цалкам прысвячаем сябе Табе, каб Ты прывяла нас да Пана.

Ахвяруем Табе нашыя думкі, сэрцы і пачуцці, целы і ўсе свае сілы і памкненні, абяцаем заўсёды дзейнічаць дзеля большай хвалы Божай і дзеля збаўлення душ.

О непараўнальная Панна, Ты заўсёды была Маці Касцёла і Успамогаю вернага народу, не пераставай ёю быць ніколі, асабліва ў нашыя часы. Асвячай і ўмацоўвай біскупаў і прэзбітэраў, заўсёды трымай іх у еднасці і паслухмянасці Папу Рымскаму, беспамылковаму абвяшчальніку праўды; абуджай новыя святарскія і манаскія пакліканні, каб праз іх пасрэдніцтва Валадарства Езуса Хрыста ўмацоўвалася сярод нас, пашыраючыся аж да краю зямлі.

Просім Цябе таксама, найлепшая Маці, атуляй сваім любячым позіркам моладзь, якая падвяргаецца вялікай небяспецы, а таксама бедных грэшнікаў і канаючых. Будзь для ўсіх, о Марыя, салодкаю надзеяй, Маці Міласэрнасці і Брамаю нябеснай.

Просім Цябе таксама за нас саміх, о магутная Маці Бога. Навучы нас наследаваць Твае цноты, асабліва анёльскую сціпласць, глыбокую пакору і палымяную любоў.

Учыні, о Марыя Успамога, каб усе мы збіраліся пад Тваім мацярынскім плашчом, каб у спакусах з даверам заклікалі Цябе. Няхай думкі пра Цябе, такую добрую, любячую, дарагую, і ўспамін пра Тваю любоў, якую Ты праяўляеш да сваіх прыхільнікаў, дададуць нам сілы ў пераможнай барацьбе супраць ворагаў нашай душы ў жыцці і ў хвіліну смерці, каб мы маглі радавацца разам з Табою ў чаканым раі. Амэн.

 

Малітва да Марыі Успамогі Хрысціянаў у кожнай патрэбе

О Марыя, нябесная Успамога! З бязмежным даверам звяртаюся да Цябе ў глыбокім смутку, праз які Бог у сваім Провідзе пажадаў мяне наведаць. Ты з каралеўскаю шчодрасцю разліваеш без меры патокі ласкаў на сваіх верных слугаў. Толькі на Цябе ўскладаю ўсю сваю надзею, і, схіляючыся пакор-на да Тваіх ног, давяраю Табе з вялікім запалам сваю пакорную просьбу.

Я адчуваю, о Найсвяцейшая Панна, што не заслужыў Тваёй літасці, і калі не буду выслуханы, то толькі з‑за маёй нягоднасці, бо я такі абыякавы і ўбогі! Аднак Ты, о літасцівая Маці Марыя, не зважай на мае грахі, але пачуй просьбу збалелага сэрца і дай такую жаданую ласку. Я ў сваю чаргу пастанаўляю верна служыць Табе і Твайму Боскаму Сыну да канца жыцця. Амэн.

 

Акт прысвячэння Марыі Успамозе Хрысціянаў члена Салезіянскай сям’і

Марыя Успамога Хрысціянаў, Маці нашай Салезіянскай сям’і, Маці Бога і Маці Касцёла, Ты займаеш асаблівае месца ў гісторыі збаўлення і з’яўляешся Настаўніцаю нашай супольнасці. З радасцю праслаўляем Цябе і прагнем наследаваць Цябе ў веры і ахвярнасці Пану, ва ўдзячнасці Богу за вялікія цуды, якія Ён учыніў, і ў Тваёй апостальскай любові і вернасці аж да крыжа. Аддаемся Табе з дзіцячаю любоўю. Беззаганная Успамога, навучы нас быць дарам для іншых, надавай нам адвагі і даверу ў служэнні Божаму народу. Прашу Цябе, святая Панна Марыя, апякуйся кожным з членаў нашай Салезіянскай сям’і, кожнаю асобнаю супольнасцю, народжанаю з харызмы ксяндза Яна Боска. Апякуйся асаблівым чынам нашымі роднымі, да бра дзеямі, выхаванцамі, моладдзю, дзецьмі і кожным чалавекам, якога Бог ставіць на нашым шляху.

О Панна верная, умацоўвай нашу вернасць, асабліва ў час выпрабаванняў, каб мы кожны дзень маглі цалкам прысвячаць сябе выхаванню моладзі і крочыць разам з ёю па шляху святасці для хвалы Айца. Амэн.

 

Акт прысвячэння Салезіянскага таварыства Марыі Успамозе Хрысціянаў

О Успамога, Маці Касцёла, Натхненне і Апякунка Салезіянскай сям’і, па‑мацярынску пачуй ускліканні сэрцаў усіх сабратоў. Асвячай і сцеражы іх апостальскую ахвярнасць. Ты ведаеш і падтрымліваеш сваёю апекаю выхаваўча‑пастырскую праграму, якая ім даручана. Ты ведаеш іх слабасці, абмежаванні і цярпенні. Ты любіш моладзь, што даверана іх апецы як найкаштоўнейшы скарб. Таму, о Найсвяцейшая Дзева і Маці Бога, магутная Успамога Святога Айца, біскупаў і ўсіх іх супрацоўнікаў, вазьмі пад сваю моцную апеку гэтае пакорнае і працавітае Таварыства святога Францішка Сальскага, якое з сыноўнім даверам прагне ўрачыста прысвяціць сябе Табе. А Ты, якая была Настаўніцаю ксяндза Яна Боска, навучы ўсіх членаў Салезіянскай сям’і наследаваць Твае цноты. Амэн.

 

Благаслаўленне праз заступніцтва Маці Божай Успамогі Хрысціянаў

С.: Дапамога наша — у імені Пана.

Н.: Які стварыў неба і зямлю.

Вітай, Марыя... Тваёй абароне...

С.: Марыя Успамога Хрысціянаў.

Н.: Маліся за нас.

С.: Пане, пачуй малітвы нашыя.

Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць.

С.: Пан з вамі.

Н.: І з духам тваім.

 

Молімся: Усемагутны вечны Божа, Ты разам з Духам Святым учыніў душу і цела праслаўлёнай Дзевы і Маці Марыі годным месцам прабывання Твайго Сына. Учыні, каб мы, радуючыся ўспаміну пра Яе, атрымалі Яе заступніцтва, дзякуючы Ёй былі пазбаўлены ад небяспекі, якая нам пагражае, і вечнай смерці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С.: Благаслаўленне ўсемагутнага Бога, Айца і Сына, і Духа Святога няхай сыдзе на вас і застанецца назаўсёды.

Н.: Амэн.

Акрапленне асвячанаю вадою.

 

IMPRIMATUR

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мiтрапалiт Мiнска‑Магiлёўскi

Мiнск, № 361/к/14 ад 4 верасня 2014 г.